Экспанат 7

70 год назад 5 мая 1943 года, фашыстамі спалены Любча і Боркі. Прыводзячы ў парадак мемарыяльныя месцы да трагічнага юбілею мы знайшлі там некалькі рэчаў, у тым ліку і самаробную металічную конаўку, зусім не вайсковая рэч, доказ таго, што знішчаныя людзі былі выключна мірнымі жыхарамі. Як мы … .

За гады акупацыі на Вілейшчыне фашысты спалілі каля паўсотні вёсак, а 5 з іх - з людзьмі. Гэта Боркі, Любча, Брыгідава, Старынкі і Гасцілава.

Любча

Раніцай 5 мая карнікі з'явіліся ў вёсцы Любча і пад выглядам праверкі правільнасці выплаты падаткаў спачатку ўсіх мужчын сабралі ў хаце Станкевіча, а затым па 3 чалавекі сталі выводзіць у ток, што стаяў побач. Тых, хто не хацеў ісці ці спрабаваў уцякаць, расстрэльвалі, а целы закідвалі ў будыніну. Зачынілі дзверы і падпалілі салому, пакладзеную ўздоўж сцен. Ток хутка заняўся полымем. Адзін са смельчакоў хацеў вылезці ў шчыт, але адразу быў забіты. Тады 9 чалавек, што засталіся жывымі, кінуліся на дзверы, якія падаліся. Людзі кінуліся ў бліжэйшыя кусты. Па іх быў адкрыты прыцэльны агонь, і ўсё ж траім мужчынам удалося застацца жывымі і ўцячы. Гэта Іван і Пётр Трацінкі, Іван Міхалёнак.

Жанчын з дзецьмі спалілі ў другім таку, дзе ўжо выратавацца нікому не ўдалося.

Боркі

Да сённяшняга дня на помніку ахвяр вёскі Боркі значацца прозвішчы ўсіх яе 98 жыхароў.

Але адной жыхарцы: Фаіне Сяргееўне Анасовіч (Кучко), якая ў гэты час пасвіла кароў, удалося выжыць і яна з болем расказвае аб тым, як палалі хаты, крычалі людзі, … было гора, было страчана ўсё.

Старынкі

Фашысты, якія нечакана з'явіліся, шчыльным ланцугом акружылі вёску, частка іх па 4-5 чалавек размясцілася ва ўсіх 26 хатах, рассцялілі салому ля дзвярэй і забаранілі людзям выходзіць на вуліцу. Уцячы  праз вокны было немагчыма з-за выстаўленых каравульных. Па ўспамінах Іосіфа Харэцкага, справы адбываліся наступным чынам. Раніцай паліцэйскія па-беларуску загадалі запрагаць коней. Ён непрыкметна прыстроіўся да фурмана і разам з нарабаваным дабром у абозе пакінуў вёску. Ад'ехаў на невялікую адлегласць і пачуў моцны выбух, страляніну, затым Старынкі ўспыхнулі вялікім полымем. Карнікі забілі тады і спалілі 92 чалавекі. У жывых засталося каля 2-х дзесяткаў яе жыхароў, якія пасля вайны адбудавалі 8 хат.

Брыгідава           

Такі лёс напаткаў і вёску Брыгідава, дзе з 19 хат (94 чалавекі) засталося крыху болыш за 10 чалавек, якія таксама не далі назаўсёды знікнуць з твару зямлі свайму паселішчу.

Праз нядоўгі час тых карнікаў высачылі ў Стаўках (каля Вілейкі), выкралі і прывезлі на месца іх злачынства ў Брыгідава, дзе павесілі на вачах яе жыхароў.           Узгадаем усе вёскі, спаленыя фашыстамі на тэрыторыі былога Ільянскага раёна:

БАТУРЫНА — у маі 1943 г. спалена карнікамі (13 двароў), загінулі 3 жыхары.

ДУБАВОЕ — у чэрв. 1944 г. спалена карнікамі (22 двары), загублена 6 жыхароў (да вайны было 95 жыхароў).

ЗАЕЛЬНІКІ — у кастр. 1943 г. карнікамі спалены 20 двароў, загублены 11 жыхароў (да вайны было 35 двароў, 141 жыхар).

ЗАЦЕМЕНЬ — за 1,5 км на Пн ад вёскі ў лесе магіла ахвяр фашызму, дзе пахаваны 15 жыхароў (3 сям'і) з б. хутара Клюева, якіх спалілі ням.-фаш. карнікі 8.5.1943 г.; у 1973 г. на магіле пастаўлены абеліск.

ЗАЧАРНАЯ — у маі 1943 г. спалена карнікамі, загінулі 12 жыхароў (да вайны было 18 двароў, 139 жыха¬роў

ІЛЬЯ — 17.3.1942 фашысты знішчылі тут 750 грамадзян і ў 1944 г. вёску спалілі.

КАПУСЦІНА — дванаццаць чалавек старых і хворых людзей, якія не маглі пагэтаму ўцячы ў лес і засталіся ў хатах, нямецкія каты спалілі ў гумне за вёскай.

КРАЎЧОНКІ — у чэрв. 1944 г. спалены карнікамі, былі загублены 3 жыхары.

ЛУКАВЕЦ — у маі 1943 г. спалена карнікамі (14 двароў), 78 землякоў загінулі ў барацьбе супраць акупантаў,

ЛЯДЗВЕНІ — у чэрв. 1943 г. спалены карнікамі 32 двары, былі загублены 3 жыхары.

МАЛЯВІЧЫ – за 2,5 км на У ад вёскі пахаваны 98 жыхароў (21 двор) в. Боркі, за 2 км на У — 93 жыхары (23 двары) в. Любча (знаходзіліся на гэтых месцах і пасля не адрадзіліся), якіх 5.5.1943 г. спалілі ням.- фаш. карнікі. У 1955 г. на магілах пастаўлены абеліск і стэла.

МАРАЗЫ — у 1943 г. карнікі расстралялі ў вёсцы 4 жыхароў (у 1976 г. на магіле пастаўлены абеліск).

МАЦЬКАЎЦЫ — у Вял. Айч. вайну ў барацьбе з ворагам загінуў 31 жыхар (на ўшанаванне іх памяці у 1972 г. пастаўлены помнік), у 1943 г. і 1944 г. былі загублены 18 жыхароў.

ПЛЯШЧАНЫ — у 1942 г. яны расстралялі тут 4 жыхароў (пахаваны на паўн. ускраіне вёскі; у 1963 г. на магіле пастаўлены абеліск). У кастр. 1943 г. часткова спалены карнікамі, былі знішчаны 12 двароў, 20 жыхароў (напярэдадні вайны 30 двароў, 140 жыхароў

РАБЦЫ — у кастр. 1943 г. карнікі спалілі 20 двароў, загубілі 8 жыхароў.

СЕЛІШЧА — у 1941 — 1943 гг. ў прадмесці вёскі былі расстраляны 48 жыхароў з вёсак сельсавета. На ўшанаванне памяці загінуўшых у барацьбе супраць акупантаў пастаўлены абеліск у 1973 г. за 0,3 км на У ад вёскі.

СТАРЫНКІ — спалена карнікамі 26 хат, загінуў 101 жыхар.

УЛАДЫКІ — за 0,5 км на ПпУ ад вёскі, у лесе, пахаваны 80 сав. грамадзян, якіх расстралялі ням.-фаш. карнікі 26.5.1944 г

ХАЦЕНЧЫЦЫ — у 1941 г. загублена 18 жыхароў. У чэрв. 1942 г. веска спалена карнікамі, загублены 28 жыхароў.

Мітынг-рэквіем да 70-годдзя трагедыі Любчы і Борак:





Фаіна Анасовіч – выратавалася адна


Помнік ахвярам спаленых Борак


Памяць сэрца

     Вайна... Сёння мы ўяўляем яе па ўспамінах ветэранаў, па кадрах кінахронікі, па творах мастацкай літаратуры. Памяць людская адліта ў бронзе помнікаў. Яна жыве ў сэрцы кожнага, хто прайшоў праз пекла фашысцкага палону, хто знайшоў у сабе сілы выжыць і расказаць сёння, што такое фашызм, што такое вайна.

     Не абмінула страшэнная віхура і Вілейшчыну. За гады акупацыі на яе тэрыторыі фашысты спалілі больш за 49 вёсак, а пяць з іх – з людзьмі. Гэта Боркі, Любча, Брыгідава, Старынкі і Гасцілава. Боркі і Любча былі спалены 5 мая 1943 года. Сёлета споўнілася семдзесят год гэтай жудаснай трагедыі.  Шмат прайшло часу з той пары, але ў сэрцах людзей болем адгукаюцца падзеі страшнай вясны 1943 года.

     7 мая шмат людзей сабралася на мемарыяльным комплексе “Любча”: прадстаўнікі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога аддзела грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, Вілейскага райвыканкама, Вілейскага раённага Савета дэпутатаў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, воіны-інтэрнацыяналісты, навучэнцы і настаўнікі Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця, Залескай, Хаценчыцкай школ, гімназіі № 2 г.Вілейкі, Ільянскага аграрнага каледжа і інш.   Прысутныя ўшанавалі памяць спаленых вёсак. Тут прайшоў мітынг-рэквіем, на якім выступіла Радзевіч Наталля Аляксандраўна, старшыня Вілейскага раённага Савета дэпутатаў. Сваімі ўспамінамі падзялілася жыхарка вёскі Рабунь Вілейскага раёна Фаіна Сяргееўна Анасовіч (Кучко), якая неверагодным чынам засталася жывой, калі карнікі палілі вёску Боркі. Прагучала літаратурная кампазіцыя ў выкананні навучэнцаў гімназіі № 2 г. Вілейкі. Ксёндз і бацюшка памаліліся за ўпакаенне тых, хто пацярпеў ад рук фашыстаў, і асвяцілі адрамантаваны помнік у Борках.

     У ганаровай варце застылі нерухома піянеры з Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця. Адчувалася, што яны таксама смуткуюць разам з тымі, хто прымаў удзел у мітынгу. Шмат жывых кветак усклалі да падножжа абеліскаў.

     Затым усе ўдзельнікі мітынгу накіраваліся ў Ільянскую сярэднюю школу. Тут іх ветліва сустракалі навучэнцы і настаўнікі. У народных музеях “Ільянскія далягляды” і “Вілейшчына літаратурная” навучэнцы школы правялі тэматычную  экскурсію “Вогненныя вёскі Вілейшчыны”.

     Асабліва ўсхвалявала ўсіх мерапрыемства, праведзенае ў актавай зале школы. Пад гукі самотнай музыкі на сцэну выходзяць вядучыя Мікуліч Дзмітрый і Бажэлка Ксенія. Яны з хваляваннем у голасе ўспамінаюць жудасную трагедыю спаленых вёсак. У выкананні вучняў гучаць песні і вершы на ваенную тэматыку.

     Не пакінула нікога раўнадушным выступленне Наталлі Віктараўны Кірылавай, каардынатара праекта “Павышэнне статуса ўратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак у 1941-1944 гадах, укладальніка кнігі “Зимнее волшебство. Нацистская карательная операция в белорусско-литовском пограничье, февраль-март 1943 года”. Можна было бачыць на тварах прысутных слёзы, калі выступленне суправаджалася дэманстрацыяй дакументальнага фільма аб трагедыях беларускага народа падчас нацысцкай карацельнай аперацыі. Тое, што мы бачылі з экрана, болем адгукалася ў сэрцах кожнага.

     Галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Дзмітрыевіч Селяменяў у сваім выступленні засяродзіў увагу на электроннай базе даных “Белорусские деревни, сожженные в годы Великой Отечественной войны”.  Ён звярнуўся да нас за дапамогай у зборы пэўных даных па гэтай тэматыцы.

     Напрыканцы мерапрыемства са словамі падзякі выступіла Дзяруга Святлана Міхайлаўна, намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама. Яна зазначыла, што калі ў зале яна бачыла на вачах слёзы не толькі ў дарослых людзей, але і ў дзяцей, значыць памяць аб трагедыях вайны будзе жыць у сэрцах, а гэта значыць, што будучыня ў надзейных руках.

 

Кіраўнік прэс-цэнтра

Ільянскай сярэдняй школы імя А.А.Грымаця

Валянціна Арцёмаўна Ерашонак

Фота навучэнца 9”А” класа Матвея Шэрага

 

Экспанат 1

Экспанат 2

Экспанат 3

Экспанат 4

Экспанат 5

Экспанат 6

Экспанат 7

 

Экспазіцыі музея

Цікавыя экспанаты

Ілья, 2013
By Radavanavich